СТАТЫСТЫ́ЧНАЯ ФІ́ЗІКА,
раздзел тэарэтычнай фізікі, які вывучае ўласцівасці сістэм з вялікай колькасцю часціц (малекул, атамаў, іонаў, электронаў, фатонаў і інш.). Вызначае ўплыў мікраструктуры рэчыва на ўсе яго фіз. ўласцівасці (дыэлектрычныя, вязкія, пругкія, акустычныя і інш.). У С.ф. ўваходзіць статыстычная тэрмадынаміка, якая вывучае ўласцівасці рэчыва ў стане статыстычнай раўнавагі (нераўнаважныя ўласцівасці і працэсы даследуе кінетыка фізічная), вызначае залежнасць паміж ціскам, аб’ёмам і т-рай у сістэме (ураўненне стану рэчыва) у адпаведнасці з характарам сіл міжмалекулярнага ўзаемадзеяння. Метады С.ф. выкарыстоўваюцца ў тэорыі атама, атамнага ядра, радыёфізіцы, астрафізіцы і інш.
Падзяляецца на класічную і квантавую. Асновы класічнай С.ф. закладзены ў 2-й пал. 19 ст. працамі Р.Клаўзіуса, Дж.К.Максвела, Л.Больцмана, Дж.Гібса. Квантавая С.ф., заснаваная на законах квантавай механікі, распрацавана ў 1-й пал. 20 ст. Матэм. аснова С.ф. — імавернасцей тэорыя. Паводзіны часціц вызначаюцца законам размеркавання — функцыяй, якая ўстанаўлівае імавернасць знаходжання любой групы часціц у пэўным інтэрвале скарасцей у зададзенай частцы аб’ёму. С.ф. паказвае сувязь закону размеркавання з тэрмадынамічнымі функцыямі, якія апісваюць сістэму як суцэльнае асяроддзе. Закон размеркавання ў энергетычным выяўленні дае імавернасць дадзенай частцы часціц мець поўную энергію ў пэўным інтэрвале значэнняў. Паводле закону размеркавання выражаюцца частковыя функцыі размеркавання (карэлятыўныя функцыі), якія вызначаюць паводзіны асобных груп малекул. Карэлятыўныя функцыі задавальняюць сістэму інтэградыферэнцыяльных ураўненняў. Асобнае значэнне маюць унарная і бінарная функцыі, праз якія вызначаюцца асн. характарыстыкі сістэмы і структура рэчыва. У нераўнаважным стане закон размеркавання становіцца складанай функцыяй часу. Аналаг карэлятыўных функцый у нераўнаважным стане — кінетычныя функцыі. У канцы 20 ст. дасягнуты значныя вынікі ў С.ф. неабарачальных працэсаў (адкрытых сістэм), у разуменні ўзнікнення ўпарадкаванасці ў першапачатковым хаатычным стане рэчыва.
На Беларусі пытанні С.ф. распрацоўваюцца ў ін-тах фіз. профілю Нац. АН, Бел. тэхнал. ун-це, БДУ і інш.
Літ.:
Боголюбов Н.Н. Проблемы динамической теории в статистической физике. М.; Л., 1946;
Ротт Л.А. Статистическая теория молекулярных систем. М., 1979;
Климонтович Ю.Л. Статистическая теория открытых систем. Ч. 1—3. М., 1995—2001;
Немцов В.Б. Неравновесная статистическая механика с ориентационным порядком. Мн., 1997.
Л.А.Рот.
т. 15, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)